Спiс спадчыны пашырыцца
Дата: 05/07/2009
Рубрыка: Агульнае


Цi ўвойдзе матэрыяльная i духоўная спадчына святой Ефрасiннi Полацкай у Спiс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА?

Хутка ў Спiс будуць занесены новыя помнiкi, якiя маюць агульначалавечую каштоўнасць. Чакаць засталося нядоўга: з 22 па 30 чэрвеня ў Севiллi (Іспанiя) праходзiць 33-я сесiя Камiтэта сусветнай спадчыны, на якой i разглядаюцца чарговыя прапановы з розных кантынентаў.

Сёлета краiны, як паведамiлi ў прадстаўнiцтве ААН у Беларусi, прапанавалi на разгляд 30 аб'ектаў — 4 прыродныя, 23 — культурныя i 3 — змяшаныя (г.зн. прыродна-культурныя). Сярод iх 4 — ад груп з некалькiх краiн (транснацыянальныя аб'екты).

7 заявак з'яўляюцца пашырэннем адабраных раней аб'ектаў сусветнай спадчыны. Наша краiна прапанавала матэрыяльную i духоўную спадчыну святой Ефрасiннi Полацкай.

Трэба адзначыць, што ў беларускага аб'екта сёлета даволi сур'ёзныя канкурэнты. Напрыклад, будынкi-шэдэўры такiх краiн, як Аргенцiна, Бельгiя, Францыя, Швейцарыя, Японiя. Аўстрыйскi горад Грац вылучыў свой гiстарычны цэнтр i замак Шлос Егенберг з мэтай пашырэння аб'екта «Гiстарычны цэнтр г. Грац», Боснiя i Герцагавiна — каштоўнасцi гiстарычнага горада Яйку, Бельгiя — слынны Палац Стоклет, Бразiлiя — Залаты шлях у Парацi i яго пейзаж, Буркiна-Фасо — развалiны Лорапенi.

Сёлета цiкавыя i вельмi экзатычныя прыродныя аб'екты прапанавалi Германiя i Галандыя — Ватовае мора, Iталiя — Даламiты, Рэспублiка Карэя — Карэйскi мелавы бераг дыназаўраў, Расiйская Федэрацыя — Ленскiя слупы, а Фiлiпiны — прыродны парк на рыфах Тубатах.

Камiтэту ў час работы сесii таксама трэба вывучыць пытанне аб стане 30 аб'ектаў, уключаных у Спiс сусветнай спадчыны, якiя зараз апынулiся пад пагрозай. Камiтэт можа прыняць рашэнне i аб уключэннi новых аб'ектаў, захаванасць якiх патрабуе асаблiвых клопатаў. У Спiс уключаюцца аб'екты спадчыны, якiя падвяргаюцца рознага роду пагрозам, такiм, як забруджванне навакольнага асяроддзя, урбанiзацыя, дрэнна арганiзаваны турызм, войны, прыродныя катаклiзмы — словам, усё, што можа негатыўна ўплываць на найвялiкшую каштоўнасць, якая i вызначыла iх уключэнне ў Спiс сусветнай спадчыны.

Напрыклад, адным з такiх праблемных аб'ектаў Спiса з'яўляецца культурны пейзаж далiны Эльбы ў раёне горада Дрэздэн у Германii. Камiтэт надае яму спецыяльную ўвагу з мэтай вырашыць пытанне аб мэтазгоднасцi яго наступнага захавання ў Спiсе, нягледзячы на пабудову маста ў самым цэнтры гэтага аб'екта.

Нагадаем, сёння ў Спiс занесеныя 878 помнiкаў i славутых месцаў «выключнай каштоўнасцi сусветнага значэння». Сярод iх 679 культурных, 174 прыродныя i 25 аб'ектаў змяшанага характару ў 145 краiнах.

Палiна ЛАХМАНЕНКА, «Звязда»



Гэта артыкул з сайта Журналісты за гістарычную спадчыну. Ximik.Info
http://spadchyna.ximik.info

Спасылка на гэты артыкул:
http://spadchyna.ximik.info/modules.php?name=News&file=article&sid=492