Гэта першы ў Нясвіжы помнік гісторыі и архітэктуры, які цалкам аднавіла прыватная фірма . Яе ўладальнік Іван Кулеш паведаміў, што праект рэканструкцыі папярэдне ўзгоднены з управай Міністэрства культуры па ахове гісторыка-культурнай спадчыны. На ўсе працы выдаткавана 210 мільёнаў рублёў. Фактычна асвоена больш як 300 мільёнаў.
Са словаў Івана Кулеша, хада рэканструкцыі выявіла неспадзяваныя складанасці. Давялося ўмацоўваць сцены, адкопваць значную частку падмурку, які пасля рэканструкцыі ў 1760 годзе апынуўся у глебе на 50 сантымэтраў ніжэй, чым было першапачаткова. Ля брамы адноўлены брук. На сценах — элемэнты мэталёвай дэкарацыі. Поруч усталяваныя каваныя лаўкі, свеціцца шматколерны вітраж.
Месціч Казімір Чыркун кажа, што пасля рэстаўрацыі зноў адраджаецца традыцыя, калі парачкі маладых праходзяць праз 10-мэтровы калідор Слуцкай брамы.
«Так павялося, — кажа дзядуля, — я гэтак рабіў таксама. Жаніўся ў Нясвіжы і на лёс не крыўдую. Чатырох унукаў дачакаўся».
Цяпер Слуцкую браму ў Нясвіжы называюць «бабуляй у вясельным убранні». Яна мае бялюткі колер, шыкоўны дах, чырвоныя дзверы з дубу.
Беларускі гісторык Анатоль Трусаў нагадвае, што ў Нясвіжы некалі, акрамя Слуцкай, былі яшчэ тры брамы: Клецкая, Віленская і Замкавая. У Беларусі, як удакладняе суразмоўца, такія збудаваньні тыповыя:
«У палову 16-га стагоддзя на Беларусь прыйшоў новы стыль — рэнэсанс. Ён прынёс з Італіі сыстэму бастыённых умацаванняў. У гэты час большасць беларускіх гарадоў была абнесеная землянымі валамі. А ўваходы між валоў ўяўлялі вялікія каменныя вежы-брамы. На жаль, засталося іх вельмі мала. Самая знакамітая — гэта славутая Вострая брама ў Вільні. На Беларусі, акрамя Слуцкай брамы, такіх практычна не засталося».
Са словаў Алега Трусава, цяпер архітэктурны помнік далучаны ў ахоўны Спіс ЮНЭСКА разам з іншымі каштоўнасцямі Нясвіжу.