У апошні аўторак ў Познані адбылося 15-ае ўжо па ліку паседжаньне гэтай камісіі. На сустрэчы прысутнічалі статс-сакратар Міністэрства культуры й нацыянальнай спадчыны Польшчы Томаш Мэрта ды намесьнік міністра культуры Беларусі Ўладзімер Грыдзюшка. У паседжаньні камісіі ўдзельнічаў таксама Міхал Міхальскі, кіраўнік Дэпартамэнту па справах польскай культурнай спадчыны па-за межамі.
М. Міхальскі: Падчас абрадаў бакі падвялі вынікі дзеяньняў на карысьць аховы, кансэрвацыі й даступнасьці аб'ектаў, якія належаць да аб'ёмнай сфэры супольнай культурнай спадчыны. Гутарка ішла як пра пісьменьніцкую спадчыну – супрацоўніцтва бібліятэкараў, архівістаў, так і пра больш трывалую матэрыяльную спадчыну – супрацоўніцтва музэяў, кансэрватараў, супрацоўніцтва ў галіне інвэнтарызацыі гістарычных помнікаў, спосабы фінансаваньня агульных праектаў.
Польскі бок, у прыватнасьці, хацеў пачуць, чаму адбылося разбурэньне ўсходняй галерэі замку князёў Радзівілаў у Нясьвіжы. Беларусы пазнаёмілі з падрабязнай інфармацыяй адносна рэстаўрацыйных работ у замку. Сярод спэцыялістаў быў навуковы кіраўнік кансэрватарскіх працаў у Нясьвіжы Сяргей Друшчыц.
С. Друшчыц: Канструктыўны стан гэтай галерэі быў аварыйны як толькі мы распачалі кансэрватарскія працы. Тры гады мы трымалі муры на часовых канструкцыях і выпрацоўвалі варыянт, як іх захаваць. Быў распрацаваны праект. Яго мэтай было стварэньне такой незалежнай канстукцыі, якая б трымала гэтыя муры. Але ж пад падмуркамі знаходзіцца двухмэтровы слой торфу. Ён знаходзіўся і пад усходняй галерэяй, і пад палацам. Пад палацам нам удалося замацаваць мур. Аднак жа фундамэнты палацу знаходзяцца на глыбіні больш за 6 мэтраў глыбей, чым галерэі. Магчымасьці замацаваць тыя муры, што засталіся ва ўсходняй галерэі, не было. Была створаная спэцыяльная камісія, незалежная экспэртыза і, на жаль, было прынятае такое цяжкае для нас, але ж неабходнае, рашэньне. Зробленая падрабязная інвэнтарызацыя, распрацаваны праект аднаўленьня галерэі ў стане, які быў зафіксаваны.
Антон Астаповіч, старшыня Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі й культуры лічыць падобнае апраўданьне няўдалым.
А. Астаповіч: Нягледзячы на аварыйны стан, на дрэнную якасьць матэрыялаў, існуе цэлы шэраг распрацаванай мэтодыкі, якая ўжываецца і ў Эўропе, і па ўсім сьвеце, якія дазволілі б захаваць аўтэнтычнасьць гэтага крыла.
Сяргей Друшчыц прызнае, што ў справе галерэі нясьвіскага замку была дапушчана пэўная памылка.
С. Друшчыц: Спэцыялісты павінны былі проста папярэдзіць гэта ўсё й растлумачыць, магчыма, і параіцца, і нават абмеркаваць. Бо нават гісторык, які займаецца непасрэдна нясьвіскім замкам, спадар Бэрнатовіч, зь якім мы супрацоўнічаем, сказаў, што, безумоўна, можа стацца й так, што няма іншага выйсьця й трэба разбураць, але ж аб гэтым трэба было сказаць раней.
Спэцыялісты Польска-беларускай кансультацыйнай камісіі па справах культурнай спадчыны на сустрэчы ў Познані прынялі пэўныя ўзгадненьні па рэстаўрацыі нясьвіскага замку, – сказаў Міхал Міхальскі.
М. Міхальскі: Прынятае ўзгадненьне палягае на інтэнсыфікацыі кантактаў паміж польскімі й беларускімі спэцыялістамі. Карацей – польскі бок выказаў сваю занепакоенасьць некаторымі працамі, а беларускі бок выказаў гатовасьць кансультаваць будучыя праекты рэстаўрацыі з польскімі спэцыялістамі. Польскі бок сур'ёзна ўспрымае гэтыя словы. І мы спадзяемся, што неўзабаве адбудзецца сустрэча экспэртаў адмыслова па справах помнікаў Нясьвіжа.
Усе парушэньні на нясьвіскім і мірскім замках вырашылі дакумэнтаваць Беларускае добраахвотнае таварыства аховы помнікаў гісторыі й культуры ды Беларуская асацыяцыя журналістаў. Інфармацыя будзе падавацца ў ЮНЭСКА і ІКАМАС – Міжнародны камітэт па ахове помнікаў і гістарычных мясьцін.
Любая рэстаўрацыя аб'екту, які знаходзіцца ў сьпісе ЮНЭСКА павінна рэглямэнтавацца нарматыўнымі дакумэнтам ЮНЭСКА – падкрэсьлівае Антон Астаповіч – старшыня Беларускага дабраахвотнага таварыства аховы помнікаў і культуры.
А. Астаповіч: У нас нарматыўныя дакумэнты ЮНЭСКА ігнаруюцца. У нас ідуць работы ў парушэньне ўсіх міжнародных мэтодык. Не захоўваецца аўтэнтычнасьць аб'ектаў, што зьяўляецца вельмі вялікім парушэньнем.
Ці скаргі ў ЮНЭСКА не нашкодзяць, ці такім чынам можна дапамагчы нясьвіскаму й мірскаму замкам?
А. Астаповіч: Павінна дапамагчы. Ёсьць прэцэдэнты. Нашая суседка Расея атрымала два папярэджаньні ЮНЭСКА за Санкт Пецярбург і за Яраслаўе. Калі будзе папярэджаньне з боку ЮНЭСКА, нашая ўлада й асобы, адказныя за рэстаўрацыю мірскага й нясьскага замкаў, мусяць задумацца пра свае наступныя крокі, якія неўзабаве могуць выключыць помнік са сьпісу ЮНЭСКА, і таму гэта дапаможа скіраваць рэстаўрацыйныя работы ў нармальнае навукова-мэтадычнае рэчышча.
Знаходжаньне аб'екту ў сьпісе ЮНЭСКА не гарантуе фінансавай дапамогі гэтай арганізацыі. Аднак жа гэта пытаньне прэстыжу краіны. Дарэчы, аб'екты са сьпісу ЮНЭСКА прыцягваюць у дадзеную дзяржаву турыстаў, а гэта таксама немалаважны фактар.