Кажа Часлава Акулевіч, загадчыца музэю: «Загад ужо ёсць. Будынак будзе закансэрваваны. Закалоцяць вокны, а мо і замуруюць. Будынак кляштару знаходзіцца ў аварыйным стане і існуе праўдзівая небяспека, што ён абрынецца. А сродкаў рапараваць — гаворка ідзе пра мільёны даляраў — няма. Музэйны пэрсанал пойдзе на біржу працы».
Францішканскі кляштар, дзе месціцца музэй, малой драбніцай не раўналетка знакамітаму Гальшанскаму замку. Кляштар заснаваны ў 1618 годзе, а замак — у 1610. Манастыр найперш вядомы сваім прывідам.
Паводле легендаў будаўнікі кляштара, стомленыя пастаяннымі абваламі толькі што пабудаваных сценаў, дзеля спраўнага завяршэння працы прынеслі ахвяру — замуравалі ў адну са сценаў жанчыну. Стуль людзі шмат разоў бачылі здань у абліччы кабеты, што ходзіць па калідорах кляштару, а таксама чулі енкі ды дзіцячыя крыкі, якія далятаюць як бы ніадкуль. Ускосным доказам гэтай легенды служыць той факт, што калі ўжо ў нашыя часы рэстаўратары пры разборы лёхаў выпадкова пабурылі кавалак сцяны, дык у нішы быў знойдзены шкілет.
Нацыянальны музэй зачыняе свае філіялы — засталіся толькі самыя знакамітыя: Мірскі замак, сядзіба Ваньковічаў і г.д. Мясцовыя ўлады, у сваю чаргу, можа, і зацікаўленыя ў аднаўленне музэя, але не маюць такіх каласальных сродкаў на рэстаўрацыю.
«Шкада — без паветру і руху наведнікаў кляштар рассыплецца яшчэ хутчэй, — дадае спадарыня Часлава, — але на маю думку выйсце ёсць — трэба ўключыць рэстаўрацыю кляштара ў інвэстыцыйны план хаця б на 2010 год, або ўзняць гэтае пытанне перад парламэнцкім сходам».
Кажуць, што кляштарныя муры трымаюцца дзякуючы злосьці замураванай жанчыны. Ці ўратуе адна тая злосць?